Творчасць фотамастака і паэта Георгія Ліхтаровіча вылучаецца глыбінёй, фундаментальнасцю і невычарпальнасцю ў пошуку новых тэм і вобразаў, пры гэтым майстар прытрымліваецца самага складанага ў плане тэхніцы, таго, што сёння падаецца простым - класічных прыёмаў стварэння фатаграфіі. У Нацыянальным мастацкім музеі РБ майстар прэзентаваў свой новы фотапраэкт "Вокны Мінска". Адлюстраванні", у якім прадстаўлена выключная роля вокнаў у фарміраванні выгляду горада.
Вокны надаюць шэраму, геаметрычна-манатоннаму аблiччу горада маляўнічасць, робяць яго рознакаляровым. Зашклёныя праёмы ў сцяне ажыўляюць, разбіваюць вертыкальныя і гарызантальныя напрамкі ліній сучаснай архітэктуры. Паверхні шклоў перамагаюць плоскаснасць канструкцый.
Закранаючы ўяўленне мінакоў, вокны выклiкаюць ілюзіі. Адлюстраванні плывуць, расплываюцца, закручваюцца, павялічваюцца. У люстраным адбіткаў шкла на фасадзе будынкаў старая архітэктура глядзіцца нібы красуня, паўтараючы сябе на процілеглым баку вуліц. Або наадварот, амаль раствараецца ў абстрактныя плямы і лініі.
Вокны горада - медыятары, якія спакушаюць зазiрнуць, стаць удзельнікам іншага прывабнага жыцця знутры або звонку. Яны па-ранейшаму вучаць нас глядзець на свет вачамі мастака, з'яўляючыся рамамі для жывых карцін розных жанраў.
|